Мэта: шырэй пазнаёміцца з даўнімі беларускімі традыцыямі, асаблі-васцямі каледавання, папулярызаваць нацыянальную культуру; развіваць уменне трымаць сябе перад аўдыторыяй ; выхоўваць павагу і любоў да народнай спадчыны , мовы беларусаў.
Месца правядзення: школьны музей.
Удзельнікі: выканаўцы – экскурсаводы; гледачы – наведвальнікі музея
Настаўнік .”Ехала Каляда ў чырвоным вазочку , у чырвоным вазочку на сівым канёчку...”
Каляды – беларускае народнае свята, традыцыя, якую мы павінны шанаваць, ведаць, каб маглі перадаць іншым. Сёння мы і прысвячаем сваё свята Калядам. Адкуль пайшло гэта свята і што яно сабой уяўляе, раскажуць і пакажуць нам вучні.
Экскурсавод 1. Каляды ( ад лац.”календы” – назва першага дня кожнага месяца ў рымлян)- народнае зімовае свята,якое адзначалася з 24 снежня па 6 студзеня. Характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці).
Экскурсавод 2. Паехала Каляда з канца ў канец!
На Каляды калядуйце!
Піць і есці не шкадуйце!
Шчадруйце, шаноўныя !
Жывіце год да ста так!
Хай едзе ў вашы двары
прыбытак і дастатак !
Экскурсавод 1. Добры вечар, шчодры вечар
Добрым людзям на здароўе!
Экскурсавод 2. У калядны шчодры вечар
Ўсім вам шчасця і здароўя.
Экскурсавод 1. Вітаем вас, шаноўныя , на нашым свяце!
Шчыра запрашаем з намі калядаваці!
З’яўляецца калядны гурт і спявае:
Прыйшла Каляда калядуючы,
А за ёю дзеўкі шчадруючы...
А калядныя бліны ладныя,
А пшанічныя вельмі пышныя .
Калядоўшчык1. Добры вечар, шчодры вечар!
Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!
А людзей тут цераз край,
Хоць ты лыжкай мяшай.
Калядоўшчык 2. А ці рады вы нам ?
Калі вы нам рады,
Мы вам да парады,
І ,я к кажуць нашы людзі,
Хай вам даспадобы будуць жарты, песні,
Бо без песні жыць няёмка,
Хоць ты трэсні.
Калядоўшчык 3. А без скрыпкі і дуды
Ходзяць ногі не туды,
А яшчэ ў прывітанне
Пажадаць мы вам хацелі...
Калядоўшчык 4. Каб ад нашага спаткання
Крышку вы памаладзелі,
Каб не ведалі вы злосці,
Каб жылі ў весялосці,
Вушы каб у вас не вялі,
Каб вы добра ўсе гулялі.
РАЗАМ. Ўсім ад краю і да краю
Шчасця і дабра жадаем.
Экскурсавод 1. А дзе ж самі гаспадары нашай гасцёўні?
Экскурсавод 2. А вось і гаспадары.
Гучыць песня ў выкананні калядоўшчыкаў
На новае лета хай родзіць жыта.
Шчодры вечар, багаты вечар!
Жыта табе, слаўны гаспадару,
Піва варыці, сынкаў жаніці,
Пасаг збіраці, дочак выдаваці.
Калядоўшчык 1. А мы ведаем , што ў пана гаспадара дачушка ёсць, а прыгажунечка!.. Нібы каліна красная.
Калядоўшчык 2. Выйдзі , Зосечка, павярніся , нам, калядоўшчыкам, пакланіся.
Гучыць песня ў выкананні калядоўшчыкаў.
А ў лузе, лузе каліна красна.
Святы вечар добрым людзям!( паўтараецца пасля кожнага радка)
Ой, ясней- красней Зосечка ў таты.
На двор хадзіла- ўвесь двор скрасіла.
У сені ўвайшла- сені заззялі.
У хату ўвайшла- паны стаялі.
Паны стаялі, шапкі здымалі.
Шапкі здымалі, у яе пыталі:
Ці ты кнызёўна , ці каралеўна?
Я не князёўна, не каралеўна,
Таткава дачка красна панначка.
Мамчына дачка, як ягадка.
Мы ж цябе, красну, не зважаем
І з калядою мы паздраўляем !
Калядоўшчык 3. Табе, Зосечка- прыгажунечка, песня спета, песня спета, ды насупраць лета,каб вялікая расла, ды замуж пайшла, бацьку- матку вяселлем страсла...
Калядны гурт становіцца паўкругам.
Калядоўшчык 4.
А ты, каза, не ляніся!
Туды- сюды павярніся,
Ножкамі пастукачы,
Рожкамі паляскачы.
Паскачы для народа,
Каб урадзіла жыта
Ў новым годзе многа.
А вы, людцы добрыя, не сядзіце,
Казу- весялушку ў карагод вазьміце.
Хто з казою патанцуе ,
Таму ў новым годзе пашанцуе .
Каза і ўвесь гурт ідуць у натоўп, заводзяць карагод. Спяваецца песня.
Го-Го-Го, каза,
Го – го- го , шэра.
Дзе рожкі падзела?
- На соль праела.
- Лезь , каза, на печ,
Пакажы чапец.
- Лезь , каза, на кут,
Пакажы хамут.
Каза валіцца і ляжыць як мёртвая.
Калядоўшчык 1. Што ж гэта стала,
Мая каза ўпала, ссохла, прапала.
Калядоўшчык 2. Ты ,каза- казіха,
Ўстань, развесяліся.
Ты расхадзіся.
Гаспадар ідзе,
Рэшата нясе,
Рэшата аўса,
Паверх каўбаса,
Тры кускі сала,
Каб каза ўстала.
Калядоўшчык 3. Не хоча каза ўставаць- трэба лякарства ёй даць: нацерці бок кійком, падняць батагом. Каза мая вучоная – кіем хрышчоная, прайшла ўсе навукі, ведае розныя штукі. А ну, закладай рогі ды падбірай ногі!
Каза падымаецца і ідзе да гурта.
Вядучы 1. На каляды варожаць. Варажба- гэта заўсёды таемнасць, надзея, спадзяванне. У кожнай вёсцы варажылі па- рознаму. Цягнулі з- пад ручніка саломінку. Калі доўгая, добрая будзе саломінка- на ўраджай . Калі кароткая- добрая будзе бульба. І мы зараз паварожым.
Гульн “Яшчар”
Дзеці становяцца ў круг, узяўшыся за рукі, водзяць карагод. Адзін хлопчык(яшчар) садзіцца пасярод круга. Усе ходзяць вакол яго і спяваюць:
Сядзіць, сядзіць Яшчар.
Гэй, нам, гэй! (паўтараецца пасля кожнага радка)
У залатым крэсле,
У лясковым кусце.
Яшчар гарох точыць,
Жаніціся хочыць.
Экскурсаводы разам:
Яшчар- панок, аддай вянок.
Я ручкі, ножкі мазоліла,
Свайго вяночка не знасіла.
Яшчар аддае вянок дзяўчыне, якая спадабалася. Можна выбраць іншага хлопчыка Яшчарам, і гульня працягваецца.
Каза. Хто хоча пакаштаваць аладкі? Калі ласка! А патрэбна для гэтага ўсяго толькі адгадаць загадку! (Загадвае загадкі).
Сіта- не сіта , рукамі не віта, пража- не пража. Хто знае, той скажа. (Павуцінне.)
Без рук, без ног, а на дрэва ўзлез.(Хмель).
Круглы, тоўсты,абкручаны мільёнамі абручыкаў.( Клубок нітак).
Сам драўляны, а галава жалезная.(Малаток).
Які гасцінец нельга прапанаваць у падарунак? (дарогу)
Хто адгадаў загадкі, той атрымаў аладкі.
Калядны гурт завяршае свята.
Калядоўшчык 1. З песняй шчыраю калядуем мы
У святую ноч пад шатром зімы.
Калядоўшчык 2. Мы прыйшлі да вас пажадаць дабра
Ад усёй душы, як сваім сябрам.
Калядоўшчык 3. Няхай збудзецца, што жадаецца,
Што задумана- прыдбаецца.
Калядоўшчык 4. Каб прынёс год новы вам
Дабрабыт і плён,
Многа радасці, светлых дзён.
Каза. Дзякуем вам за добры прыём ,
Цераз лета і восень зноў к вам прыдзём!
Разам. Усяго вам добрага. Да сустэчы!